БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс. г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш. краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водналедавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр. ч. тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.

А.К.Карабанаў.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)